Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Я. Янішчыц.
У календары ёсць такое свята - Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. 3 ініцыятывай увесці такі дзень выступіла краіна Бангладэш: 21 лютага 1957 г., адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі пяцёра студэнтаў. Больш за шэсць тысяч моў налічваецца ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання ЮНЕСКА і абвясціла Дзень роднай мовы, каб хоць аднойчы на год на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Сёння ў Браслаўскай гімназіі таксама адбылося свята роднай мовы “Мова – душа народа”. Цёплымі і шчырымі словамі гімназісты выказвалі сваю любоў да мовы, заклікалі прысутных усвядоміць значнасць і неабходнасць захавання традыцый, гісторыі і культуры свайго народа, бо мова - душа народа, плён працы многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця, наш галоўны нацыянальны скарб.
Пявучая, мілагучная мова гучала з вуснаў гімназістаў і гасцей свята ў песнях, вершах, трапных выслоўях. Ва ўтульнай атмасферы актавай залы гімназіі прамаўляліся палымяныя прызнанні: мова – вопратка душы, мова – сіла і натхненне, мова – жыццё народа…
На свята былі запрошаны члены літаратурнага аб’яднання “Ветразь надзеі” Ваўчок Д.К., Ляснеўская В.А., Патапенка Л.К., якія з задавальненнем пачыталі свае вершы на беларускай мове, звярнуліся да маладога пакалення са шчырымі пажаданнямі, падзяліліся сваімі думкамі і марамі. Таксама ўпрыгожыла свята музычнае прывітанне ад супрацоўнікаў Опсаўскага дасугава-літаратурнага цэнтра.
Асаблівымі зорачкамі ззялі на свяце самі навучэнцы гімназіі, што стварылі такую цёплую і ўтульную атмасферу. Уразіла ўсіх сваім таленавітым вершам пяцікласніца Трашчынская Соф’я.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Будзьце і вы разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы. Размаўляйце па-беларуску, размаўляйце па-нашаму, размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах - і нашай мовай захочуць гаварыць іншыя. I не саромцеся недасканалай гаворкі. Ведайце: учора вы яшчэ не гаварылі па-беларуску, сёння размаўляеце на “трасянцы”, а заўтра будзеце гаварыць на чыстай літаратурнай мове.
Людміла Патапенка,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Comments