Віртуальны кабінет
беларускай мовы і літаратуры
10 сакрэтаў падрыхтоўкі да здачы ЦТ
1. Задацца мэтай
У першую чаргу, трэба дакладна вырашыць, чаго вам больш хочацца: паступіць у ВНУ або прайсці яшчэ адзін узровень камп'ютарнай гульні. Каб атрымаць максімум балаў, трэба прыкласці і максімум намаганняў ды ўсвядоміць, што ніхто не зробіць гэтага за вас. У заданнях няма нічога звышнатуральнага і непад'ёмнага, але толькі не для гультаёў.
2. Скласці штодзённы план і прытрымлівацца яго
У эфектыўнай падрыхтоўцы і рацыянальнай арганізацыі часу мне вельмі дапамагло складанне плана свайго навучання. Некалькі заданняў у дзень па кожным з трох прадметаў — не такая ўжо і складаная праца. Асабліва ў параўнанні з бяссоннымі начамі і спробамі ахапіць усё і адразу за некалькі тыдняў да ЦТ. Ад гэтага нават задавальненне атрымліваеш, калі закрэсліваеш чарговую выкананую справу ў сваім спісе.
3. Вучыць услых
Чытаем і прамаўляем усё услых. Такім чынам працуе не толькі зрокавая, але і гукавая памяць, дзякуючы чаму ўсё лепш і хутчэй запамінаецца.
4. Больш практыкі
Не забываем пра важнасць практыкі. Штодня рашаем заданні з тэстаў мінулых гадоў. Якімі б глыбокімі ведамі вы ні валодалі, іх яшчэ трэба ўмець прымяняць, а таксама трэба мець уяўленні пра структуру тэста. Я таксама параіла б набыць зборнік і пачаць яго рашаць па варыянце ў дзень за 10 дзён да ЦТ. Так сапраўдны экзамен стане для вас проста чарговым тэстам.
5. Галоўнае — увага да дробязяў
Калі вы хочаце набраць 100 балаў, то заўважаем і вучым усе без выключэння дробязі. Таму што калі вы не звернеце ўвагу на нейкае пытанне, правіла ці слова, то за вас гэта зробяць складальнікі заданняў.
6. Выконваць работу над памылкамі
Яны — вашы слабыя месцы. Яны патрабуюць асаблівай увагі. Дапусцілі памылку ў тэксце — выпісалі, знайшлі на яе правіла, вывучылі яго і яшчэ некалькі разоў выканалі падобныя заданні.
7. Памятаць пра астатнія прадметы і школьныя іспыты
Не забывайцеся пра тое, што чвэрць вашых балаў пры паступленні забяспечвае атэстат. Пажадана падумаць пра гэта ў пачатку года і імкнуцца зарабляць добрыя балы з першай чвэрці, таму што ў апошняй вам ужо будзе не да гэтага.
8. Выкарыстоўваць кожную вольную хвілінку
Калі ў вас мала вольнага часу і вы баіцеся не паспець нешта выканаць, насіце заданні заўсёды з сабой: на ўрокі, рэпетыцыі, бярыце ў паездкі. Выдалася вольная хвілінка? Рашайце тэсты, а ўжо дома разбірайце памылкі. Такім чынам вы сэканоміце шмат часу і зможаце ўвечары даўжэй прагуляцца.
9. Не перагружаць сябе
Не варта сябе нагружаць да знясілення. Змена дзейнасці і абстаноўкі толькі дапаможа вам з новымі сіламі ўзяцца за вучобу. Не забывайцеся выходзіць на вуліцу, кантактаваць з сябрамі, чытаць кнігі. Проста займайцеся ў меру магчымасцяў, таму што дзён у навучальным годзе дастаткова.
10. Не забывацца пра метад выключэння
Максімум засяроджанасці і ніякіх старонніх думак у самой аўдыторыі. А для таго, каб лішні раз не памыліцца, можна на чарнавіку спачатку закрэсліваць дакладна няправільныя адказы, звужаючы круг, ну а затым абводзіць правільны.