Віртуальны кабінет
беларускай мовы і літаратуры
Мае ўражанні
Калі-небудзь усё адбываецца ўпершыню. Першы крок, першае падарожжа, першая мара… Так і я ў гэтым годзе ўпершыню стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і ўдзельнічала ў заключным этапе гэтай алімпіяды, дзе таксама мела добры вынік. Я атрымала дыплом ад Саюза Пісьменнікаў за канцэптуальны падыход да трактоўкі літаратурнага твора.
Алімпіяда праходзіла ў далёкім Гомелі. У Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ўдзельнікаў алімпіяды віталі хлебам-соллю. Урачыстае адкрыццё адбылося ў актавай зале інстытута. На працягу алімпіяды адбываліся экскурсіі па Гомелі і ўстановах адукацыі, а таксама канцэрты. Асабліва мне спадабалася экскурсія ў Палац Румянцавых і Паскевічаў. Таксама праходзілі майстры-класы, дзе кожны жадаючы мог зрабіць памятны сувенір сваімі рукамі. Урачыстае закрыццё адбылося ў Гомельскім дзяржаўным Палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе лепшыя з вучняў былі ўзнагароджаны, а ўдзельнікі з Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча нават атрымалі памятныя падарункі.
Нягледзячы на вынікі, усе ўдзельнікі алімпіяды набылі жыццёвы вопыт і сустрэлі новых сяброў.
Калі ўдзельнічала ў алімпіядзе, я вельмі хвалявалася, бо гэта ўсё было новым для мяне. Але, дзякуючы падтрымцы маіх родных, сяброў і настаўніцы Сіўко Аксаны Улядзіміраўны, якая хвалявалася больш за мяне, я ўсё ж такі змагла пераадолець цяжкасці і добра выступіць.
Таму, хачу сказаць, што трэба заўсёды імкнуцца да нечага новага, паспрабаваць усё ў жыцці. Трэба імкнуцца да поспехаў і ісці па жыцці з дэвізам: “Верам! Можам! Пераможам!” Як аднойчы слушна сказаў Пятрусь Броўка:
Ляці ж увысь,
Шырэй узмахі,
Каб зорку ўласную знайсці.
Пускайся ўброд,
Не ведай страху,
Бо шмат нязнанага ў жыцці.
Волкава Алена, 9 “А”
11.04.2017