Віртуальны кабінет
беларускай мовы і літаратуры
Сяброўства мацнее
Вось і перагорнута чарговая старонка школьнага жыцця. Застаюцца ў мінулым адзнакі, урокі, дамашнія заданні. На памяць прыходзяць самыя яркія моманты навучальнага года: перамогі, дасягненні і, бясспрэчна, сустрэчы з сябрамі. Вось і напрыканцы мая месяца навучэнцы і настаўнікі нашай гімназіі атрымалі чарговае запрашэнне ад беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” прыняць удзел у міжнародным конкурсе малюнкаў, прысвечаным 135-годдзю беларускага пісьменніка Янкі Маўра і ў свяце “Апошні званок” у беларускай нядзельнай школе “Вясёлка” г. Даўгаўпілса.
Нашу дэлегацыю за мяжой сустрэлі гасцінныя гаспадары. У першы дзень куратар беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” Людміла Сінякова арганізавала пазнавальную і змястоўную экскурсію па горадзе, падчас якой мы наведалі цікавыя мясціны г. Даўгаўпілса, пазнаёміліся з гістарычным мінулым горада. Пасля адбылася сустрэча нашай дэлегацыі з прадстаўнікамі беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, падчас якой былі падведзены вынікі сумеснага супрацоўніцтва і абмеркаваны шляхі дальнейшага ўзаемадзеяння.
На наступны дзень нашу дэлегацыю сустракалі ў Цэнтры беларускай культуры. З самай раніцы тут збіраліся вучні школы, іх бацькі, сябры, прадстаўнікі Даўгаўпілскай гарадской думы, Цэнтра беларускай культуры і беларускага консульства ў г. Даўгаўпілсе. Мерапрыемствы пачаліся са знаёмства з выставай малюнкаў, прысвечаным 135-годдзю беларускага пісьменніка Янкі Маўра. Удзел у конкурсе прынялі вучні школ г. Даўгаўпілса, Браслава і Глыбокага. У конкурсе прынялі ўдзел вучні ад 6 да 16 год у трох узроставых групах. Усе работы юных мастакоў прыцягвалі ўвагу прысутных сваёй непаўторнасцю, маляўнічасцю. Пасля каардынатар праекта Радзіонава Алена падвяла вынікі міжнароднага конкурса. Рашэннем журы работы вучаніц Браслаўскай гімназіі Цеўловіч Ніны і Цеўловіч Лізаветы былі адзначаны лістамі падзякі, а Чэркас Анастасія атрымала Дыплом І ступені ва ўзроставай групе ад 9 да 12 год.
Пасля ўсіх прысутных чакала цікавае і пазнавальнае мерапрыемства—віртуальнае падарожжа па творчасці Янкі Маўра і яго аповесці “Палескія рабінзоны”. Вучні і госці свята абмяркоўвалі дзеянні і ўчынкі герояў, супастаўлялі герояў са сваімі равеснікамі, разгадвалі крыжаванкі, збіралі пазлы, дзяліліся карыснай інфармацыяй, з якой пазнаёміліся падчас чытання і абмеркавання аповесці Я. Маўра.
Прыемна было пачуць на свяце і беларускую мову, і народныя песні, і выразнае чытанне вершаў, і шчырыя ўсмешкі сяброў. Час ляціць вельмі хутка. Вось ужо звініць і апошні званок. Апошні ён для выпускнікоў школы, але не для нашага сяброўства.
Наш удзел ва ўсіх згаданых мерапрыемствах стаў сведчаннем супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння таварыства “Уздым “ і Браслаўскай гімназіі. Будзем з нецярпеннем чакаць наступных сустрэч з нашымі сябрамі.
В.І.Чэркас,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Міжнародны семінар “Беларуская школа: шляхі развіцця. Вопыт інтэграцыі”
28 лістапада 2015 года ў нашых латышскіх суседзяў у г. Даўгаўпілсе адбыўся міжнародны семінар “Беларуская школа: шляхі развіцця. Вопыт інтэграцыі”. Арганізатарам сустрэчы выступіла Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”. Удзельнікамі семінара сталі супрацоўнікі Даўгаўпілскай школьнай управы, Генеральнага консульства РБ, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, настаўнікі школ і гімназій Даўгаўпілса, Рыгі, Краславы, Браслава. Дэлегацыю нашага раёна прадстаўлялі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Браслаўскай гімназіі Мацюкевіч Наталля Мікалаеўна і Чэркас Віта Іванаўна.
Праграма семінара была насычанай, але разам з тым цікавай і карыснай для ўсіх удзельнікаў. Спачатку мы пазнаёміліся з гісторыяй беларускіх школ Латгаліі, з вопытам работы беларускай школы пры таварыстве “Уздым”. За круглым сталом настаўнікі школ Латвіі і Браслава падзяліліся вопытам работы ў сваіх навучальных установах. Падчас работы семінара высветлілася, што ў нас агульныя праблемы, пытанні і планы. Развіццё і ўмацаванне міжнародных адносін у галіне адукацыі і выхавання –адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці Браслаўскай гімназіі. Таму мы спадзяемся, што супрацоўніцтва будзе паспяховым, плённым і паслужыць дальнейшаму ўмацаванню добрасуседскіх адносін паміж нашымі краінамі.