top of page

Як выконваць работу над памылкамі

ссссс.PNG

ПРОПУСК, ЗАМЕНА ЛІТАР.
Напішы слова правільна, падкрэслі літару, пастаў націск. Запішы слова яшчэ раз, падзяляючы яго на склады. 
Рабі так: маліна (падкрэслі літару Л і пастаў націск на літару І), ма-лі-на.


ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ Ў КАНЦЫ СКАЗА.
Напішы сказ, пастаў патрэбны знак, падкрэслі яго. Запішы яшчэ адзін сказ з такім знакам.
Рабі так: Прыляцела ластаўка. Прашумела навальніца. Або: Якая прыгажосць! Гэта ж вавёрка!
ЗАПОМНІ! Сказы перадаюць закончаную думку. У канцы сказа ставіцца кропка(.), пытальнік(?), або клічнік(!). Выбар знака прыпынку залежыць ад сэнсу сказа і інтанацыі, з якой ён вымаўляецца.


ВЯЛІКАЯ ЛІТАРА Ў ПАЧАТКУ СКАЗА.
Напішы сказ правільна. Прыдумай і запішы яшчэ адзін сказ, падкрэслі вялікую літару. 
Рабі так: Узняўся вецер (у слове "узняўся" падкрэслі літару У). Паліў дождж.
ЗАПОМНІ! Першае слова ў сказе пішацца з вялікай літары.


ВЯЛІКАЯ ЛІТАРА Ў СЛОВАХ.
Напішы слова правільна. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла, падкрэслі вялікую літару.
Рабі так: Васіль (падкрэслі літару В), Вольга (падкрэслі літару В), Янка (падкрэслі літару Я). Або: Нёман (падкрэслі літару Н), Днепр (падкрэслі літару Д), Свіслач (падкрэслі літару С).
ЗАПОМНІ! Імёны, імёны па бацьку і прозвішчы пішуцца з вялікай літары: Пётр Ільіч Клімук.
Мянушкі жывёл пішуцца з вялікай літары: кот Цішка, курыца Чубатка.
Назвы краін, гарадоў, вёсак, вуліц, рэк, азёр, мораў пішуцца з вялікай літары: рака Пціч, горад Полацк, возера Нарач.


СЛОЎНІКАВЫЯ СЛОВЫ. 
Напішы слова правільна, падзялі яго на склады, пастаў націск.
Рабі так: дрымучы (падкрэсліць літару Ы, паставіць націск на літару У), дры-му-чы (падкрэсліць літару Ы, паставіць націск на літару У).
ЗАПОМНІ! Напісанне гэтых слоў трэба запомніць ці паглядзець у слоўніку.


ПЕРАНОС СЛОЎ.
Напішы слова правільна, падзяляючы яго для пераносу. Запішы яшчэ тры словы, падзяляючы іх для пераносу. 
Рабі так: асі-на, лі-лея, агу-рок.
ЗАПОМНІ! Адну літару нельга пакідаць на радку ці пераносіць на другі радок: пяю, юнак.
Літары й, ў, ь, а таксама апостраф пры пераносе нельга аддзяляць ад папярэдняй літары: пай-шлі, роў-ны, праў-нук, міль-ён, пад'-езд.
Пры пераносе слоў з падоўжанымі зычнымі можна адну літару пакінуць на радку, а другую перанесці, а можно перанесці адразу абедзве літары: гал-лё, га-ллё, падарож-жа, падаро-жжа, суд-дзя, су-ддзя.
Пры пераносе слоў літары дз, дж падзяляць НЕЛЬГА: сту-дзень, ся-джу.


ПРАВАПІС Ў.
Напішы слова або словазлучэнне правільна. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла, падкрэслі галосную перад ў.
Рабі так: маляваў (падкрэслі літару А), чытаў (падкрэслі літару А), дрэўца (падкрэслі літару Э). Або: жыве ў лесе (падкреслі ў слове "жыве" літару Е), хацелася ўбачыць (падкрэслі ў слове "хацелася" літару Я). 
ЗАПОМНІ! Літара ў пішацца заўсёды пасля галосных у сярэдзіне слова, у канцы і ў пачатку, калі папярэдняе слова заканчваецца на галосную: лоўка, пайшоў ва ўнівермаг, пакаціўся ўніз.
Пасля знакаў прыпынку пішацца толькі у!
Літара ў не бывае вялікай: вуліца Усходняя, балерына Уланава.


ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ О, Э, А.
Напішы слова правільна. Запішы, ад якога слова яно ўтварылася, пастаў націск. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла. 
Рабі так: дАмы - дОм (у слове "дамы" падкрэслі літару А і пастаў націск на літару Ы. У слове "дом" падкрэслі літару О), гАрады - гОрад (у слове "гарады" падкрэслі літару А і пастаў націск на літару Ы. У слове "горад" падкрэслі літару О і пастау націск на гэту літару), бАры - бОр (у слове "бары" падкрэслі літару А і пастаў націск на літару Ы. У слове "бор" падкрэслі літару О), рАка - рЭкі (у слове "рака" падкрэслі літару А і пастаў націск на літару А. У слове "рэкі" падкрэслі літару Э і пастаў націск на гэту літару).
ЗАПОМНІ! У беларускай мове галосныя О і Э могуць быць толькі пад націскам. Не пад націскам на іх месцы пішацца літара А. 
Словы-выключэнні: тэатр, ордэн, гардэроб, тэлефон, інтэрнэт, дэталь і інш.


ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ Е, Ё, Я. 
Напішы слова правільна, пастаў яго ў множны лік, абазнач націскныя склады. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла. 
Рабі так: сЯло - сЁлы (у слове "сяло" падкрэслі літару Я і пастаў націск на літару О. У слове "сёлы" падкрэслі літару Ё), вЯрба - вЕрбы (у слове "вярба" падкрэслі літару Я і пастаў націск на літару А. У слове "вербы" падкрэслі літару Е і пастаў націск на гэту літару), зЯмля - зЕмлі (у слове "зямля" падкрэслі літару Я і пастаў націск на літару Я. У слове "землі" падкрэслі літару Е і пастаў націск на гэту літару).
ЗАПОМНІ! У беларускай мове замест літар Е, Ё ў першым складзе перад націскам пішацца я. 
Словы-выключэнні: медаль, метро, метал, мелодыя, пенал, секунда, спектакль, аперацыя, герой, кефір, кераміка, бензін, балерына і інш.
Трэба памятаць, што ў другім складзе перад націскам літара Е не змяняецца на Я: ле-са-вік, ле-дзя-ны.


ПРАВАПІС Д - ДЗ.
Напішы слова правільна. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла, падкрэслі зычную разам з галоснай. 
Рабі так: дзень (падкрэслі "дз"), дзеці (падкрэслі "дз"), адзіны (падкрэслі "дз").
ЗАПОМНІ! У беларускай мове гук [д] заўсёды цвёрды, а гук [дз'] - мяккі. Пасля Д пішуцца літары а, о, у, ы, пасля ДЗ - літары я, е, ё, ю, і, ь.


ЗЫЧНЫЯ Ж, ДЖ, Ч, Ш, Р І ГАЛОСНЫЯ ПАСЛЯ ІХ. 
Напішы слова правільна. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла, падкрэслі зычную разам з галоснай.
Рабі так: вожык (падкрэслі "жы"), жалеза (падкрэслі "жа"), жоўты (падкрэслі "жо").
ЗАПОМНІ! Зычныя ж, дж, ч, ш, р - зацвярдзелыя, яны заўсёды вымаўляюцца цвёрда. Пасля іх пішуцца галосныя а, о, у, э, ы.


АБАЗНАЧЭННЕ МЯККАСЦІ ЗЫЧНЫХ НА ПІСЬМЕ МЯККІМ ЗНАКАМ.
Напішы слова правільна. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла, падкрэслі зычную разам з мяккім знакам (ь).
Рабі так: вугаль (падкрэслі "ль"), рысь (падкрэслі "сь"), канькі (падкрэслі "нь"), бульба (падкрэслі "ль").
ЗАПОМНІ! Мяккасць зычных гукаў абазначаецца на пісьме Ь (мяккім знакам), а таксама літарамі е, ё, і, ю, я.


ЗЫЧНЫЯ Б, П, М, Ф НА КАНЦЫ СЛОЎ.
Напішы слова правільна. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла, падкрэслі зычныя гукі на канцы слоў.
Рабі так: глыб (падкрэслі Б), восем (падкрэслі М), россып (падкрэслі П).
ЗАПОМНІ! Зычныя б, п, м, ф на канцы слоў заўсёды вымаўляюцца цвёрда, таму на пісьме мяккі знак пасля іх не ставіцца.


ПАРНЫЯ ЗВОНКІЯ І ГЛУХІЯ ЗЫЧНЫЯ.
Напішы слова правільна, падбяры праверачнае. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла.
Рабі так: грыб - грыбы (у гэтых славах падкрэслі літару Б), плод - плады (у гэтых славах падкрэслі літару Д), нізкі - нізенькі (у гэтых славах падкрэслі літару З).
ЗАПОМНІ! Напісанне слоў з парнымі зычнымі на канцы слова і перад глухімі зычнымі трэба правяраць. Для гэтага неабходна такім чынам змяніць слова, каб пасля зычнага стаяў галосны. 
Звонкія і глухія зычныя ўтвараюць наступныя пары: б - п, г - х, д - т, дз - ц, дж - ч, ж - ш, з - с.


НЕ З ДЗЕЯСЛОВАМІ. 
Напішы правільна дзеяслоў і часціцу НЕ. Запішы яшчэ два дзеясловы з часціцай НЕ. 
Рабі так: не чытала (падкрэслі НЕ), не гавары (падкрэслі НЕ), не шуміць (падкрэслі НЕ). 
ЗАПОМНІ! НЕ з дзеясловамі пішацца асобна!


ПРЫНАЗОЎНІК.
Напішы правільна прыназоўнік і слова, да якога ён адносіцца, паміж прыназоўнікам і словам устаў пытанне або іншае слова.
Рабі так: у лес, у (які?) лес, у (восеньскі) лес.
ЗАПОМНІ! Словы у, на, за, са, да, па, з, пад, каля - прыназоўнікі. Прыназоўнікі з іншымі словамі пішуцца асобна.
Паміж прыназоўнікам і наступным словам можна ўставіць пытанне ці якое-небудь слова: пад (чым?) бярозамі, пад (маладымі) бярозамі.
Перад дзеясловамі прыназоўнікі не ўжываюцца.


РАЗДЗЯЛЯЛЬНЫ ЗНАК АПОСТРАФ (').
Напішы слова правільна. Запішы яшчэ тры прыклады.


ПАДОЎЖАНЫЯ ЗЫЧНЫЯ.
Напішы слова правільна, падкрэслі падоўжаныя зычныя. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла. 
Рабі так: галлё (падкрэслі "лл"), насенне (падкрэслі "нн"), збожжа (падкрэслі "жж").
ЗАПОМНІ! Падоўжанае вымаўленне зычных ж, з, л, н, с, ц, ч, ш на пісьме перадаецца дзвюма літарамі: падарожжа, калоссе. Падоўжанае вымаўленне ДЗ перадаецца спалучэннем літар ДДЗ: суддзя, разводдзе.


ПРАВАПІС Т - Ц.
Напішы слова правільна. Запішы яшчэ два словы на гэта правіла, падкрэслі зычную разам з галоснай. 
Рабі так: ляцеў (падкрэслі "це"), цень (падкрэслі "це"), ціха (падкрэслі "ці").
ЗАПОМНІ! У беларускай мове гук [т] заўсёды цвёрды, а гук [ц'] - мяккі. Пасля Т пішуцца літары а, о, у, э, ы. Пры змякчэнні цвёрды гук [т] змяняецца мяккіім [ц']. Мяккасць [ц'] абазначаецца літарамі я, е, ё, ю, і, ь.
У беларускай мове ёсць і цвёрды гук [ц]: цэгла, цыбуля, цукар.

bottom of page