top of page

Вучымся пісаць водгук

ссссс.PNG

І этап УСПРЫМАННЕ

1.Эмацыянальнае ўспрыманне

Першы раз чытаем тэкст, прапанаваны для водгуку. Занатоўваем пачуцці, эмоцыі. Адказваем на пытанні: “Што мяне здзівіла?”, “Што мне спадабалася?”, “З чым я не згодны?”, “Што мне незразумела?”

Кожны тэкст – гэта цэлы свет

2.Асэнсаванне асобы аўтара

Успамінаем усё, што ведаем пра аўтара, яго творы, эпоху, да якой адносіцца яго творчасць

Сінонімы да слова “аўтар”

3.Успрыманне тэксту

Другі раз чытаем тэкст. Вызначаем і фармулюем тэматыку, праблемы, аўтарскую пазіцыю (ідэю). Характарызуем вобразны лад твора. Асабліва каштоўнае запісваем у карту ўспрымання твора.

Назва і эпіграф – “канцэнтрат” аўтарскай ідэі. Выхад за межы твора (развіццё думкі аўтара, параўнанне з творамі іншых аўтараў, устанаўленне паралелей з творамі іншых відаў мастацтва, вечныя тэмы, праблемы, вобразы).

4.Успрыманне формы

Трэці раз чытаем тэкст. Вызначаем тып, стыль, жанравую прыналежнасць прапанаванага тэксту. Разглядаем сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці твора. Вызначаем адметнасці тэксту на фанетычным, марфалагічным, лексічным, сінтаксічным, пунктуацыйным узроўнях. Асабліва каштоўнае запісваем у карту ўспрымання.

Усе мастацка-стылёвыя асаблівасці і вобразна-выяўленчыя сродкі твора цікавяць нас настолькі, наколькі яны дапамагаюць зразумець яго змест.

ІІ этап НАПІСАННЕ

5.Фарміраванне

Падбіраем эпіграф, выбіраем форму водгуку (ліст да..., публічнае выступленне, рэпартаж, эсэ, артыкул, малітва, клятва, плач, слоўнік і інш.); праглядаем зробленыя нататкі, каб валодаць матэрыялам для стварэння водгуку; прадумваем кампазіцыю (магчыма, ствараем план)

Асаблівую ўвагу звяртаем на пачатак і заключэнне работы (яны не павінны быць зацягнутымі і загадзя падрыхтаванымі). Вершаваная форма не вельмі цэніцца, хаця асобныя ўласныя паэтычныя радкі можна прывесці; трэба пазбягаць “дыялогаў з дзённікам, рэдакцыяй газеты, бабуляй, сяброўкай і іншымі”

6.Стварэнне

Пішам водгук, спалучаючы вынікі пройдзеных этапаў успрымання твора, выкарыстоўваючы некалькі (2-3) цытат з тэксту.

Аптымальны аб’ём сачынення – 5-6 старонак. Дэманструем чытацкі вопыт. Пазбягаем празмернай мастацкасці, “квяцістасці” стылю, празмерна дакладнага пераказу зместу твора з выкарыстаннем аўтарскіх метафар і эпітэтаў

7.Праверка

Правяраем наяўнасць у тэксце сачынення ўсіх структурных частак (уступ, асноўная частка, заключэнне); правяраем моўнае афармленне водгуку.

Пазбягаем спрэчных, праблемных момантаў

Каментары да парадку працы над водгукам:

  1. Ваша задача не пераказаць тэкст, а расказаць пра пачуцці, якія выкліканы зместам твора, прапанаванага для водгуку.

  2. Сінонімы  да слова аўтар: пісьменнік, паэт, літаратар, мастак слова, майстар слова, творца, пясняр...

  3. Адказваем на пытанне: як аўтару ўдалося выразіць змест?

  4. Не ператвараць пошук вобразна-выяўленчых сродкаў у самамэту.

  5. Не арыгінальнічаць у выбары формы, пазбягаць стандартных, слаба звязаных са зместам водгуку эпіграфаў.

  6. У добрым водгуку мяжы паміж выражэннем пачуццяў, асэнсаваннем зместу і аналізам формы быць не павінна.

  7. Калі сумняваецеся ў нейкіх напісаннях, замяніце іх на іншыя, сінанімічныя

 

Кароткі слоўнік для працы над водгукам

Вобраз мастацкі – форма пазнання і адлюстравання жыцця ў мастацтве і літаратуры. Гэта створаная пры дапамозе творчай фантазіі канкрэтная і разам з тым абагульненая карціна чалавечага жыцця, якая выяўляе эстэтычны ідэал пісьменніка.

Лірычны герой – вобраз той асобы, ад імя якой ідзе размова ў лірычным творы.

Персанаж – дзейная асоба літаратурнага мастацкага твора, г.зн.тое ж, што і герой мастацкага твора, але тэрмін персанаж звычайна ўжываецца ў дачыненні другарадных або адмоўных герояў ці да вобразаў такіх твораў, як байка.

Гукапіс – выкарыстанне гукавой арганізацыі паэтычнай мовы пры стварэнні паэтычнага вобраза. Гукапіс мае мэтай узмацніць выразнасць вобраза, карціны з дапамогай падбору гукаў, якія перадаюць уражанне ад жыццёвай з’явы або стварыць пэўную інтанацыю ці ўзмацніць гучанне асобных слоў, выдзяляючы іх у тэксце. Віды гукапісу:

Алітэрацыя – паўтарэнне аднародных зычных гукаў у вершаваных радках (або ў празаічнай форме), якое ўзмацняе гукавую інтанацыйную выразнасць верша. 

Асананс – адзін з відаў гукапісу, паўтарэнне ў вершаваных радках або празаічных сказах галосных, часцей націскных, гукаў з мэтай мастацкай выразнасці. Гукаперайманне – гукавая імітацыя розных жыццёвых і прыродных з’яў з мэтай стварэння мастацкага вобраза.

Ідэя – асноўны сэнс літаратурнага мастацкага твора, які вынікае з усёй сістэмы вобразаў і карцін. Гэта аўтарскі погляд на паказаныя ў творы падзеі, чалавечыя характары, перажыванні, а таксама іх аб’ектыўны сэнс.

Жанр – форма літаратурнага твора, якая склалася гістарычна на аснове ўвасаблення пэўнага зместу.

Кампазіцыя – уся складаная будова літаратурнага твора, размяшчэнне і спалучэнне асобных частак, састаўных элементаў сюжэта, вобразаў-характараў, сцэн, эпізодаў, карцін, дыялогаў і маналогаў, падзел на часткі, раздзелы, строфы.

Перанос – несупадзенне моўнай формы з вершаваным радком.

Праблема – гэта вострае жыццёвае пытанне, якое пісьменнік ставіць і, зыходзячы са свайго светапогляду, па-свойму вырашае ў мастацкім творы.

Стылістычныя, або сінтаксічныя, фігуры – прыёмы ўзмацнення эмацыянальнай выразнасці паэтычнай мовы, нязвыклыя моўныя звароты, у аснове якіх ляжаць сродкі сінтаксісу. Віды фігур:

Анафара заключаецца ў паўтарэнні аднолькавых слоў, словазлучэнняў і сказаў у пачатку вершаваных радкоў або празаічных сказаў. 

Эпіфара – суседнія сказы заканчваюцца аднолькавымі спалучэннямі слоў ці выразаў. 

Кальцо – пэўны сінтаксічны адрэзак маўлення, які пачынаецца і заканчваецца аднолькавымі словазлучэннямі і нават сказамі. 

Сінтаксічны паралелізм – экспрэсіўная сінтаксічная фігура, у якой кожная наступная сінтаксічная адзінка будуецца па тыпе папярэдняй – мае аднолькавы склад членаў сказа, аднолькавы парадак слоў, што стварае ўнутраную сіметрыю. Антытэза – сінтаксічная фігура кантрасту, супастаўленне процілеглых паняццяў, перажыванняў, думак з мэтай узмацнення ўражання ад гэтых з’яў, падкрэсліванне кантрасту. 

Градацыя заключаецца ў такім размяшчэнні частак выказвання (слоў, адрэзкаў сказа), дзе адбываецца паступовае нарастанне або, наадварот, аслабленне ўражання, пачуцця, перажывання.

 Эліпсіс – прапускаецца выказнік, які не з’яўляецца неабходным для перадачы пэўнага паведамлення. 

Інверсія – такая расстаноўка слоў або словазлучэнняў (сінтаксічных кампанентаў) у сказе, якая парушае іх звычайны парадак.

Сюжэт – сістэма падзей у творы, у якой раскрываецца і развіваецца характар. У лірычных творах пад сюжэтам падразумяваецца рух пачуцця, развіццё думкі верша.

Троп – адзін з найважнейшых прыёмаў стварэння мастацкага вобраза ў літаратуры, пры якім слова набывае вельмі актыўны выяўленчы характар, выражае пэўнае пачуццё, эстэтычную ацэнку жыццёвай з’явы. Калі глядзець з боку мовы, троп – гэта ўжыванне слова ў пераносным значэнні.

 Віды тропаў: Аксюмаран – наўмыснае спалучэнне слоў процілеглага сэнсу з мэтай перадачы супярэчлівых па змесце або па ўспрыманні іх пісьменнікам з’яў жыцця. 

Алегорыя – іншасказанне, адна з форм адлюстравання жыццёвых з’яў, калі абстрактнае паняцце або думка перадаецца праз канкрэтны вобраз. 

Гіпербала – моцнае перавелічэнне ўласцівасцей, якасцей ці памераў прадмета або з’явы з мэтай дасягнення большай мастацкай выразнасці. 

Метанімія – замена аднаго слова ці выразу іншым на аснове знешняй або ўнутранай сувязі паміж з’явамі, якія яны абазначаюць. 

Метафара – уласцівасці адной з’явы пераносяцца на другую па прынцыпе ўпадаблення. 

Параўнанне – супастаўленне дзвюх з’яў з мэтай іх характарыстыкі адной праз другую. 

Сінекдаха – метанімія, у аснове якой ляжыць узаемазамена такіх з’яў, якія знаходзяцца ў колькасных суадносінах: частка выдаецца за цэлае, адзіночны лік ужываецца замест множнага і наадварот.

Сімвал – умоўнае абазначэнне з’явы праз вобраз, які нечым нагадвае гэту з’яву. 

Увасабленне – асноўваецца на прыпадабненні прадметаў, з’яў прыроды да паводзінаў чалавека, перанясенні на гэтыя з’явы чалавечых уласцівасцей. 

Эпітэт – мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе прадмет, чалавека або жыццёвую з’яву.

Тэма – кола грамадскіх з’яў і звязаных з імі жыццёвых пытанняў, якія аўтар кладзе ў аснову зместу твора і адлюстроўвае, раскрывае ў святле асноўнай ідэі.

bottom of page